ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1988 па Афганістане.
Падпісаны 14 крас. прадстаўнікамі Афганістана, ЗША, Пакістана, СССР як вынік афгана-пакістанскіх перагавораў, якія праходзілі ў Жэневе з чэрв. 1982 (з перапынкамі) пры пасрэдніцтве прадстаўніка Ген. сакратара ААН. Мелі на мэце спыніць грамадзянскую вайну ў Афганістане. Складаліся з Двухбаковага пагаднення паміж Рэспублікай Афганістан і Ісламскай Рэспублікай Пакістан аб прынцыпах узаемаадносін (у т.л. аб неўмяшанні і адмове ад інтэрвенцыі), Двухбаковага пагаднення паміж гэтымі краінамі пра добраахвотнае вяртанне бежанцаў, Дэкларацыі аб міжнар. гарантыях і Пагаднення аб узаемасувязі для ўрэгулявання становішча, якое датычыцца Афганістана. Апошняе пагадненне адной з гал. умоў прадугледжвала вывад з Афганістана сав. войск (паловы да 15.8.1988, астатніх на працягу 9 месяцаў). Няпоўнае выкананне пагадненняў Пакістанам (на яго тэр. працягвалі базіравацца ўзбр. фарміраванні для вядзення баёў на тэр. Афганістана) у значнай ступені перашкодзіла спыненню грамадз. вайны ў Афганістане.
У.Я.Калаткоў.
т. 6, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)